﻿БЫЦЦЁ.
23.
Жыцьця Саррынага было сто дваццаць сем гадоў: вось гады жыцьця Саррынага: 
і памерла Сарра ў Кірыят-Арбе, што сёньня Хэўрон, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе. 
І адышоў Абрагам ад памерлай сваёй, і казаў сынам Хэтавым, і сказаў: 
я ў вас прыхадзень і пасяленец: дайце мне ва ўласнасьць месца пад магілу паміж вамі, каб мне памерлую маю пахаваць ад вачэй маіх. 
Сыны Хэта адказвалі Абрагаму і сказалі яму: 
паслухай нас, спадару наш; ты князь Божы сярод нас; у найлепшым з нашых пахвальных месцаў пахавай памерлую тваю; ніхто з нас не адмовіць табе пахавальнага месца, дзеля пахаваньня памерлай тваёй. 
Абрагам устаў і пакланіўся люду зямлі той, сынам Хэтавым; 
і казаў і сказаў: калі вы згодныя, каб я пахаваў памерлую маю, дык паслухайце мяне, папрасеце за мяне Эфрона сына Цахаравага, 
каб ён аддаў мне пячору Махпэлу, якая ў яго на канцы поля ягонага, каб за дастатковую цану аддаць яе мне сярод вас, ва ўласнасьць дзеля пахаваньня. 
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хэтавых. І адказваў Эфрон Хэтэянін Абрагаму ў вушы сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіў у браму горада ягонага, і сказаў: 
не, спадару мой, паслухай мяне: я даю табе поле і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго табе яе, пахавай памерлую тваю. 
Абрагам пакланіўся перад людзьмі зямлі той 
і казаў Эфрону ў вушы люду зямлі той і сказаў: калі паслухаешся, я даю табе за поле срэбра; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памерлую маю. 
Эфрон адказаў Абрагаму і сказаў яму: 
спадару мой! паслухай мяне: зямля каштуе чатырыста сікляў срэбра; мне і табе што гэта? пахавай памерлую тваю. 
Абрагам выслухаў Эфрона; і наважыў Абрагам Эфрону срэбра, колькі ён абвясьціў у вушы сынам Хэтавым, чатырыста сікляў срэбра, якое ходзіць у купцоў. 
І сталася поле Эфронавае, якое каля Махпэлы, насупраць Мамрэ, поле і пячора, якая на ім і ўсе дрэвы на полі, ва ўсіх межах яго навакол, 
валоданьнем Абрагамавым перад вачыма сыноў Хэта, усіх, хто ўваходзіць у браму горада ягонага. 
Пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, што сёньня Хэўрон у зямлі Ханаанскай. 
Так дасталіся Абрагаму ад сыноў Хэтавых поле і пячора, якая на ім, ва ўласнасьць пад пахаваньне. 
