﻿БЫЦЦЁ.
34.
Дзіна, дачка Ліі, якую яна нарадзіла Якаву, выйшла падзівіцца на дачок зямлі той. 
І ўбачыў яе Сіхем, сын Эмора Эвэяніна, князя зямлі той, і ўзяў яе, і спаў зь ёю, і ўчыніў ёй гвалт. 
І прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якава, і ён пакахаў дзяўчыну і гаварыў па сэрцы дзяўчыне. 
І сказаў Сіхем Эмору, бацьку свайму, кажучы: вазьмі мне гэтую дзяўчыну за жонку. 
Якаў дачуўся, што сын Эмораў зьняславіў Дзіну, дачку ягоную; але як што сыны яго былі пры быдле ягоным у полі, дык Якаў маўчаў, пакуль яны ня прыйшлі. 
І выйшаў Эмор, бацька Сіхемаў, ад Якава, пагаварыць зь ім. 
А сыны Якава прыйшлі з поля і калі пачулі, дык засмуціліся мужчыны тыя і запалалі гневам, бо няславу зрабіў ён Ізраілю, пераспаўшы з дачкою Якава: а так нельга было рабіць. 
Эмор пачаў гаварыць ім і сказаў: Сіхем, сын мой, прыляпіўся душою да дачкі вашае; дайце ж яе за жонку яму; 
параднецеся з намі: аддавайце за нас дачок вашых, а нашых дачок бярэце сабе; 
і жывеце з намі: зямля гэтая перад вамі, жывеце і працуйце на ёй і набывайце яе ў валоданьне. 
А Сіхем сказаў бацьку яе і братам яе: толькі б знайсьці мне ўпадабаньне ў вачах вашых, я дам, што ні скажаце мне; 
назначце самы вялікі выкуп і дарункі: я дам, што ні скажаце мне, толькі аддайце мне дзяўчыну за жонку. 
І адказвалі сыны Якава Сіхему і Эмору, бацьку ягонаму, з хітрынаю; а казалі так таму, што ён зьняславіў Дзіну, сястру іхнюю; 
і сказалі ім: ня можам гэтага зрабіць, выдаць сястру нашую за чалавека, які неабрэзаны; бо гэта няслава нам; 
толькі на той умове мы згодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб і ў вас увесь мужчынскі пол быў абрэзаны; 
і будзем аддаваць за вас дачок нашых і браць за сябе вашых дочак, і будзем жыць з вамі, і складзем адзін народ; 
а калі не паслухаецеся нас у тым, каб абразацца, дык мы возьмем дачку нашу і сыдзем. 
І спадабаліся словы гэтыя Эмору і Сіхему, сыну Эмораваму. 
Хлопец не забавіўся выканаць гэта, бо кахаў дачку Якава. А ён найбольш паважаны быў з дому бацькі свайго. 
І прыйшоў Эмор і Сіхем, сын ягоны, да брамы горада свайго, і пачалі гаварыць жыхарам горада свайго і сказалі: 
гэтыя людзі ў міры з намі; хай яны селяцца на зямлі і працуюць на ёй; а зямля вось прасторная перад імі. Будзем браць дачок іхніх сабе за жонак і нашых дачок выдаваць за іх. 
Толькі на такой умове гэтыя людзі згаджаюцца жыць з намі і быць адным народам, каб і ў нас абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, як яны абрэзаны. 
Ці ж ня нам статкі іхнія і маёмасьць іхняя, і ўсё быдла іхняе? Толькі згодзімся зь імі, і будуць жыць з намі. 
І паслухаліся Эмора і Сіхема, сына ягонага, усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага: і абрэзаны быў увесь мужчынскі пол, - усе, хто выходзіў з брамы горада ягонага. 
На трэці дзень, калі яны былі занядужалі, два сыны Якава, Сымон і Левій, браты Дзініныя, узялі кожны свой меч, і адважна напалі на горад, і аддалі сьмерці ўвесь мужчынскі пол; 
і самога Эмора і Сіхема, сына ягонага, забілі мечам; і ўзялі Дзіну з дома Сіхемавага і выйшлі. 
Сыны Якава прыйшлі да забітых і абабралі горад за тое, што зьняславілі сястру іхнюю. 
Яны ўзялі дробнае і буйное быдла іхняе, і аслоў іхніх, і што ні было ў горадзе, і што ні было ў полі; 
і ўсё багацьце іхняе і ўсіх дзяцей іхніх і жонак іхніх узялі ў палон, і абабралі ўсё, што было ў дамах. 
І сказаў Якаў Сымону і Левію: вы абурылі мяне, зрабіўшы мяне ненавісным жыхарам гэтай зямлі, Хананэям і Фэрэзэям. У мяне людзей мала; зьбяруцца супроць мяне, паб'юць мяне, і зьнішчаны буду я і дом мой. 
А яны сказалі: а хіба можна рабіць зь сястрою нашаю, як з распусьніцаю! 
