﻿БЫЦЦЁ.
40.
Пасьля гэтага чашнік цара Егіпецкага і пекар правінаваціліся перад гаспадаром сваім, царом Егіпецкім. 
І ўгневаўся фараон на двух царадворцаў сваіх, на галоўнага чашніка і на галоўнага пекара, 
і аддаў іх пад варту ў дом да начальніка целаахоўцаў, у цямніцу, у тое месца, дзе ўвязьнены быў Язэп. 
Начальнік целаахоўцаў прыставіў да іх Язэпа, і ён служыў ім. І прабылі яны пад вартаю некаторы час. 
Аднаго разу чашніку і пекару цара Егіпецкага, увязьненым у цямніцы, бачыліся сны, кожнаму свой сон, абодвум у адну ноч, кожнаму сон адмысловага значэньня. 
І прыйшоў да іх Язэп раніцай, убачыў іх, і вось, яны сумеліся. 
І спытаўся ён у царадворцаў фараонавых, якія былі зь ім у доме гаспадара ягонага пад вартаю, кажучы: чаго ў вас сёньня журботныя твары? 
Яны сказалі яму: нам прысьніліся сны, а растлумачыць іх няма каму. Язэп сказаў ім: ці не ад Бога тлумачэньні? раскажэце мне. 
І расказаў галоўны чашнік Язэпу сон свой і сказаў яму: мне сьнілася, вось вінаградная лаза перад мною; 
на лазе тры галінкі; яна разьвілася, паказаліся на ёй кветкі, вырасьлі і пасьпелі на ёй ягады; 
і чаша фараонавая ў мяне ў руцэ; я ўзяў ягад, выціснуў іх у чашу фараонавую і падаў чашу ў руку фараону. 
І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі - гэта тры дні; 
праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё, і ты падасі чашу фараонавую ў руку яму, па ранейшай завядзёнцы, калі ты быў у яго чашнікам; 
спамяні ж пра мяне, калі табе будзе добра, і зрабі мне дабрачынства, і нагадай пра мяне фараону, і выведзі мяне з гэтага дома; 
бо я ўкрадзены зь зямлі Габрэяў; а таксама і тут нічога не зрабіў, за што б кідаць мяне ў цямніцу. 
Галоўны пекар убачыў, што растлумачыў ён добра, і сказаў Язэпу: мне таксама сьнілася: вось на галаве ў мяне тры кашы кратаваныя; 
у верхнім кашы ўсялякая ежа фараонавая, вырабы пекара, і птушкі дзяўблі яе з каша на галаве маёй. 
І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы - гэта тры дні. 
Праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе. 
На трэці дзень, дзень народзінаў фараонавых, учыніў ён гасьціну ўсім слугам сваім і ўспомніў пра галоўнага чашніка і галоўнага пекара сярод слуг сваіх; 
і вярнуў галоўнага чашніка на ранейшае месца, і ён падаў чашу ў руку фараону; 
а галоўнага хлебадара павесіў на дрэве, як растлумачыў ім Язэп. 
І ня ўспомніў галоўны чашнік пра Язэпа, а забыў яго. 
