﻿ВЫХАД.
35.
І сабраў Майсей усё супольства сыноў Ізраілевых і сказаў ім: вось, што наказаў Гасподзь рабіць: 
шэсьць дзён рабеце працу, а дзень сёмы павінен быць у вас сьвяты, субота спачыну Госпаду; кожны, хто будзе рабіць у яе працу, аддадзены будзе сьмерці; 
не запальвайце агню ва ўсіх селішчах вашых у дзень суботні. 
І сказаў Майсей усяму супольству сыноў Ізраілевых: вось тое слова, што наказаў Гасподзь, кажучы: 
зрабеце ад сябе ахвяраваньні Госпаду: кожны паводле руплівасьці няхай прынясе ахвяраваньне Госпаду, золата, срэбра, медзь, 
воўну блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, і вісон, і казіную воўну, 
Аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, і дрэва сітым, 
і алей у сьвяцільню, і пахошчы на алей памазаньня і на духмяныя дымленьні, 
камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік. 
І кожны з вас мудры сэрцам няхай прыйдзе і зробіць усё, што загадаў Гасподзь: 
скінію і покрыва яе і века яе, гакі і брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе, 
каўчэг і жэрдкі яго, века і заслону для загароды, 
стол і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, і ахвярныя хлябы, 
і сьвяцільні для асьвятленьня з прыладамі яго, і лампады яго і алей для асьвятленьня, 
і ахвярнік для дымленьняў і жэрдкі яго, і алей памазаньня, і духмяныя дымленьні, і заслону на ўваходзе ў скінію, 
ахвярнік цэласпаленьня і рашотку медную для яго, і жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго, 
заслоны двара, слупы яго і падножжы іх і заслону на ўваходзе ў двор, 
калы скініі і калы двара і вяроўкі іх, 
вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні і сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным дзеля набажэнства. 
І пайшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад Майсея. 
І прыходзілі ўсе, каго вабіла да таго сэрца, і ўсе, каго схіляў дух, і прыносілі ахвяраваньні Госпаду на ўладжваньне скініі сходу і на ўсе патрэбы яе і на сьвяшчэннае адзеньне; 
і прыходзілі мужы з жонкамі, і ўсе па схільнасьці сэрца прыносілі пярсьцёнкі, завушніцы, бранзалеты і падвескі, усялякія залатыя рэчы, кожны, хто хацеў прыносіць золата Госпаду; 
і кожны, у каго была воўна блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вісон і казіная воўна, аўчыны барановыя чырвоныя і аўчыны сінія, прыносілі іх; 
і кожны, хто ахвяраваў срэбра, альбо медзь, прыносілі гэта ў дарунак Госпаду; і кожны, у каго было дрэва сітым, прыносіў гэта на ўсякую патрэбу скініі; 
і ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі сваімі рукамі і прыносілі прадзіва блакітнага, пурпуровага і чырванёнага колеру і вісон; 
і ўсе жанчыны, якіх вабіла сэрца, якія ўмелі прасьці, пралі казіную воўну; 
а князі прыносілі камень анікс і камяні ўстаўныя на эфод і нагруднік, 
і пахошчы таксама, і алей у сьвяцільню і на складаньне алею памазаньня і на духмяныя дымленьні; 
і ўсе мужы і жонкі з сыноў Ізраілевых, якіх вабіла сэрца прынесьці на ўсякую справу, якую Гасподзь праз Майсея загадаў зрабіць, прыносілі дабраахвотны дарунак Госпаду. 
І сказаў Гасподзь сынам Ізраілевым: глядзеце, Гасподзь прызначыў менавіта Вэсэлііла, сына Урыі, сына Ора, з племя Юдавага, 
і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам 
складаць узорыстую тканіну, рабіць з золата, срэбра і медзі, 
і рэзаць камяні, каб устаўляць іх, і рэзаць дрэва, і рабіць усякую адмысловую працу; 
і здольнасьць вучыць заклаў у сэрца яго, яго і Агаліява, сына Ахісамахавага, з племя Данавага; 
Ён напоўніў сэрца іх мудрасьцю, каб рабіць усякую працу разьбяра і ўмелага ткача і вышывальніка па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісоннай тканіне, і ткачоў, якія робяць усялякую працу і складаюць каштоўную тканіну. 
