﻿ВЫХАД.
38.
І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці, 
і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю. 
І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі. 
І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго; 
і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак, 
і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх медзьдзю, 
і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго. 
І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамі, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу. 
І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў; 
слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра. 
І па паўночным баку - заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра. 
І з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра. 
І зь відавога боку на ўсход - заслоны ў пяцьдзясят локцяў. 
Для аднаго боку брамы двара - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры; 
і для другога боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры. 
Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону, 
а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі. 
А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара; 
і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя. 
Усе калы вакол скініі і двара медныя. 
Вось падлік таго, што скарыстана для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара. 
А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага, 
І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне. 
Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных; 
а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных; 
з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны. 
Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа; 
а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх. 
А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў; 
зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка, 
і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара. 
