﻿ВЫХАД.
40.
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: 
у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу, 
і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю; 
і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе; 
і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію; 
і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу; 
і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады; 
і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара. 
І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята; 
памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая; 
і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго. 
І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою; 
і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне. 
І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны, 
і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія. 
І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў. 
У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія. 
І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе, 
напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху; 
і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю, 
і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі, 
і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю 
і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію; 
і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня, 
і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае; 
калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею. 
І ўкрыла воблака скінію сходу. 
І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію. 
Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго; 
калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпраўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася; 
бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга.
