﻿ЛЯВІТ.
3.
Калі ахвяра яго ахвяра мірная, і калі ён прыносіць з буйнога быдла, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе Госпаду, каб была без пахібы, 
і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе каля дзьвярэй скініі сходу; а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю на ахвярнік з усіх бакоў; 
і прынясе ён зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, які на вантробах, 
і абедзьве ныркі і здор, які на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, які на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 
і сыны Ааронавыя спаляць гэта на ахвярніку разам з цэласпаленьнем, што на дровах, на агні: гэта ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду. 
А калі з дробнага быдла прыносіць ён ахвяру Госпаду, самца альбо саміцу, няхай прынясе яе, каб была без пахібы. 
Калі з авечак прыносіць ён ахвяру сваю, няхай паставіць яе перад Госпадам, 
і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і заколе яе перад скініяй сходу, і сыны Ааронавыя пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў; 
і няхай прынясе зь мірнай ахвяры ў ахвяру Госпаду тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбтовую костку, і лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах, 
і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 
сьвятар спаліць гэта на ахвярніку: гэта ежа агню - ахвяра Госпаду. 
А калі ён прыносіць ахвяру з коз, няхай паставіць яе прад Госпадам, 
і пакладзе руку сваю на галаву яе, і заколе яе перад скініяй сходу, і пакропяць сыны Ааронавыя крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў; 
і прынясе зь яе ў прынашэньне, у ахвяру Госпаду лой, што на вантробах, і ўвесь здор, што на вантробах, 
і абедзьве ныркі і здор, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі ён аддзеліць гэта; 
і спаліць іх сьвятар на ахвярніку: гэта ежа агню - прыемная духмянасьць; увесь тлушч Госпаду. 
Гэта пастанова вечная ў роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых: ніякага тлушчу і ніякай крыві ня ежце. 
