﻿ЛІКІ.
2.
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы: 
сыны Ізраілевыя павінны кожны ставіць табар свой каля сьцяга свайго, каля знакаў сямействаў сваіх; перад скініяй сходу вакол павінны ставіць табар свой. 
Сьпераду на ўсход ставяць табар: сьцяг табару Юдавага па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Юды Наасон, сын Амінадаваў, 
і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот; 
пасля яго ставіць табар племя Ісахаравае, і правадыр сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў, 
і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста; 
племя Завулонавае, і правадыр сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў, 
і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят сем тысяч чатырыста; 
усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Юдавага, сто восемдзесят шэсьць тысяч чатырыста, па рушэньнях іхніх; яны павінны выпраўляцца першыя. 
Сьцяг табару Рувімавага на поўдзень, па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Рувімавых Эліцур, сын Шэдэураў, 
і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, сорак шэсьць тысяч пяцьсот; 
каля яго ставіць табар племя Сымонавага, і правадыр сыноў Сымона Шалумііл, сын Цурышадаеў, 
і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста; 
потым племя Гадавае, і правадыр сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў, 
і воінства ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят; 
усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Рувімавага, сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят, па рушэньнях іхніх; другімі яны павінны выпраўляцца. 
Калі пойдзе скінія сходу, табар лявітаў будзе ўсярэдзіне табараў. Як стаяць, так і павінны ісьці, кожны на сваім месцы пад сьцягамі сваімі. 
Сьцяг табару Яфрэмавага паводле рушэньняў іхніх на захад, і правадыр сыноў Яфрэмавых Элішама, сын Аміудаў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак тысяч пяцьсот; 
Каля яго племя Манасіінае, і правадыр сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце; 
потым племя Веньямінавае, і правадыр сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць пяць тысяч чатырыста; трэцімі яны павінны выпраўляцца 
Усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Яфрэма, сто восем тысяч сто, паводле рушэньняў іхніх, трэцімі яны павінны выпраўляцца. 
Сьцяг табару Данавага на поўнач, паводле рушэньняў іхніх, і правадыр сыноў Данавых Ахіезэр, сын Амішадаеў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот; 
каля яго ставіць табар племя Асіравае, і правадыр сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак адна тысяча пяцьсот; 
далей племя Нэфталімавае, і правадыр сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў, 
і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят тры тысячы чатырыста; 
усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Данавага, сто пяцьдзясят сем тысяч шэсьцьсот; яны павінны ісьці апошнія пад сьцягамі сваімі. 
Вось сыны Ізраіля паводле сямействаў іхніх, што ўвайшлі ў падлік. Усіх, што ўвайшлі ў падлік у табарах, паводле рушэньняў іхніх, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят. 
А лявіты не ўвайшлі ў падлік разам з сынамі Ізраіля, як загадаў Гасподзь Майсею. 
І зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё, што загадаў Гасподзь Майсею: так станавіліся табарамі пад сьцягамі сваімі і так ішлі кожны па родах сваіх, па сямействах сваіх. 
