﻿ЛІКІ.
23.
І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем цялят і сем бараноў. 
Валак зрабіў так, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак і Валаам па цяляці і па барану на кожным ахвярніку. 
І сказаў Валаам Валаку: пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду; можа, Гасподзь выйдзе мне насустрач, і што Ён адкрые мне, я абвяшчу табе. 
І сустрэўся Бог з Валаамам, і сказаў яму Валаам: сем ахвярнікаў паставіў я і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку. 
І ўклаў Гасподзь слова ў вусны Валаамавыя і сказаў: вярніся да Валака і так кажы. 
І вярнуўся да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Маавіцкія. 
І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: зь Месапатаміі прывёў мяне Валак, цар Маава, ад гор усходніх: прыйдзі, пракляні мне Якава, прыйдзі, выкажы зло на Ізраіля! 
Як пракляну я? Бог не праклінае яго. Як выкажу зло? Гасподзь не выказвае зла. 
Зь вяршыні скал бачу яго і з пагоркаў гляджу на яго: вось, народ жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца. 
Хто палічыць пясок Якава і велічыню чацьвёртай часткі Ізраіля? Хай памрэ душа мая сьмерцю праведнікаў, і хай будзе скон мой, як і іхні! 
І сказаў Валак Валааму: што ты са мною робіш? я ўзяў цябе, каб праклясьці ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляеш? 
І адказваў ён і сказаў: ці не павінен я дакладна сказаць тое, што ўкладвае Гасподзь у вусны мае? 
І сказаў яму Валак: ідзі са мною на другое месца, зь якога ты ўбачыш яго, але толькі частку яго ўбачыш, а ўсяго яго ня ўбачыш, і пракляні мне яго адтуль. 
І ўзяў яго на месца вартаўнікоў, на вяршыню гары Фасгі, і паставіў сем ахвярнікаў, і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку. 
І сказаў Валаку: пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я пайду туды насустрач. 
І сустрэўся Гасподзь з Валаамам, і ўклаў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: вярніся да Валака і так кажы. 
І прыйшоў да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, і зь ім князі Маавіцкія. І сказаў яму Валак: што сказаў Гасподзь? 
Ён прамовіў прытчу сваю і сказаў: устань, Валак, і паслухай, уважай мне, сыне Сэпфораў. 
Бог не чалавек, каб няпраўду казаць, і ня сын чалавечы, каб Яму шкадаваць. Ці скажа Ён і ня зробіць? будзе казаць і ня выканае? 
Вось, дабраслаўляць пачаў я, бо Ён дабраславіў, і я не магу зьмяніць гэтага. 
Ня відаць бяды ў Якаве, і ня прыкметна няшчасьця ў Ізраіле; Гасподзь, Бог ягоны, зь ім, і трубны царскі гук у яго; 
Бог вывеў іх зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго; 
няма чарадзейства ў Якаве і няма варажнечы ў Ізраілі. Сваім часам скажуць пра Якава і пра Ізраіля: вось, што творыць Бог! 
Вось народ, як ільвіца ўстае, і як леў падымаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не напэецца крыві забітых. 
І сказаў Валак Валааму: ні клясьці не кляні яго, ні дабраслаўляць не дабраслаўляй яго. 
І адказваў Валаам і сказаў Валаку: ці не казаў я табе, што я буду рабіць усё тое, што скажа мне Гасподзь? 
І сказаў Валак Валааму: ідзі, я вазьму цябе на другое месца; можа, заўгодна будзе Богу, і адтуль праклянеш мне яго. 
І ўзяў Валак Валаама на верх Фегора, абернутага да пустыні. 
І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем цялят і сем бараноў. 
І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці і барану на кожным ахвярніку. 
