﻿ЛІКІ.
25.
І жыў Ізраіль у Сітыме, і пачаў народ блудадзейнічаць з дочкамі Маава, 
і запрашалі яны народ да ахвяраваньня багам сваім, і еў народ і кланяўся багам іхнім. 
І прыляпіўся Ізраіль да Ваал-Фегора. І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля. 
І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі ўсіх правадыроў народу і павесь іх Госпаду перад сонцам, і адвернецца ад Ізраіля лютасьць гневу Гасподняга. 
І сказаў Майсей судзьдзям Ізраілевым: забеце кожны людзей сваіх, якія прыляпіліся да Ваал-Фегора. 
І вось, нехта з сыноў Ізраілевых прыйшоў і прывёў да братоў сваіх Мадыяніцянку, на вачах у Майсея і на вачах ва ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, калі яны плакалі каля ўваходу ў скінію сходу. 
Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, убачыўшы гэта, устаў з супольства і ўзяў у руку сваю дзіду, 
і ўвайшоў сьледам за Ізраільцянінам у спальню і пракалоў абодвух іх, Ізраільцяніна і жанчыну ў чэрава яе: і спынілася параза сыноў Ізраілевых. 
А памерлых ад паразы было дваццаць чатыры тысячы. 
І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы: 
Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвёў лютасьць Маю ад сыноў Ізраілевых, парупіўшыся за Мяне сярод іх, і Я ня зьнішчыў сыноў Ізраілевых у руплівасьці Маёй; 
таму скажы: вось Я даю яму Мой запавет міру, 
і будзе ён яму і нашчадкам ягоным пасьля яго запаветам сьвятарства вечнага, за тое, што ён паказаў руплівасьць за Бога свайго і заступіўся за сыноў Ізраілевых. 
Імя забітага Ізраільцяніна, які забіты з Мадыяніцянкаю, было Зімры, сын Салу, правадыр пакаленьня Сымонавага; 
а імя забітай Мадыяніцянкі Хазва; яна была дачка Цура, правадыра Амота, з роду Мадыямскага. 
І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы: 
уціскай Мадыямаў, і беце іх, 
бо яны варожа зрабілі з вамі ў падступнасьці сваёй, завабіўшы вас Фегорам і Хазвою, дачкою правадыра Мадыямскага, сястрою сваёю, забітаю ў дзень паразы за Фегора. 
