﻿ДРУГІ ЗАКОН.
32.
Слухай, неба, я прамаўляцьму; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх. 
Пральецца як дождж вучэньне маё, як раса мова мая, як дробны дождж на зяленіва, як зьліва на траву. 
Імя Госпада праслаўлю; узьнясеце славу Госпаду нашаму. 
Ён цьвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго праведныя; Бог правільны і няма няпраўды ў Ім; Ён праведны і ісьціны; 
але яны разбэсьціліся прад Ім, яны ня дзеці Ягоныя ў сваіх заганах, род упарцісты і разбэшчаны. 
Ці гэта аддаяце вы Госпаду, народ неразумны і няцямны? ці ж ня Ён Айцец твой, Які засвоіў цябе, стварыў цябе і ўладзіў цябе? 
Згадай пра дні старадаўнія, падумай пра гады ранейшых родаў; спытайся ў бацькі тайго, і абвесьціць табе, у старцаў тваіх, і яны скажуць табе. 
Калі Ўсявышні даваў надзелы народам і расьсяляў сыноў чалавечых, тады паставіў межы народаў па ліку сыноў Ізраілевых; 
бо доля Госпада народ Ягоны; Якаў спадчынны надзел Ягоны. 
Ён знайшоў яго ў пустыні, у стэпе панылым і дзікім, асланяў яго, даглядаў яго, ахоўваў яго, як вока Сваё; 
як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на перэі сваім, 
так Гасподзь адзін вадзіў яго, і ня было зь ім чужога бога. 
Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем зь цьвёрдай скалы, 
маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно, кроў вінаградных ягад. 
І атлусьцеў Ізраіль, і зрабіўся зацяты; атлусьцеў, патаўсьцеў і распасьвіўся; і пакінуў ён Бога, які стварыў яго, і пагардзіў цьвярдыняю выратаваньня свайго. 
Багамі чужымі яны раздражнілі Яго, і мярзотамі Яго ўгневілі: 
прыносілі ахвяры дэманам, а ня Богу, божышчам, якіх яны ня ведалі, новым, якія прыйшлі ад суседзяў і пра якіх ня думалі бацькі вашыя. 
А Скала, Якая спарадзіла цябе, ты забыў, і не памятаў Бога, Які стварыў цябе. 
Гасподзь убачыў, і ў абурэньні пагардзіў сынамі Сваімі і дочкамі Сваімі, 
і сказаў: схаваю аблічча Маё ад іх і ўбачу, які будзе іхні канец; бо яны род разбэшчаны, дзеці, у якіх няма вернасьці; 
ня богам яны раздражнілі Мяне, марнасьцю сваёю Мяне засмуцілі: і Я раздражню іх не народам, народам бязглуздым іх засмучу; 
бо агонь запаліўся ў гневе Маім, паліць да пекла апраметнага, і паядае зямлю і плады яе, і спальвае падваліны гор; 
зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае: 
будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай; і пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных; 
звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах - вусьцішнасьць - і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца. 
Я сказаў бы: «расьсею іх і згладжу з асяродзьдзя людзей памяць пра іх»; 
але адклаў гэта дзеля азлабленьня ворагаў, каб ворагі ягоныя не заносіліся і не сказалі: нашая рука высокая, і не Гасподзь зрабіў усё гэта. 
Бо яны народ, які страціў розум, і няма ў іх сэнсу. 
О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што зь імі будзе! 
як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць цемру, калі б Скала іхняя ня выдаў іх, і Гасподзь не аддаў іх! 
бо скала іхняя не такая, як нашая Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым. 
Бо вінаград іхні ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іхнія ядавітыя, гронкі іх горкія; 
віно іхняе яд драконаў і пагібельная труцізна асьпідаў. 
Ці не схавана гэта ў Мяне? ці не запячатана ў сховах Маіх? 
У Мяне помста і аддача, калі пахісьнецца нага іхняя; бо блізкі дзень пагібелі іх, неўзабаве настане ўгатаванае ім. 
Але Гасподь судзіцьме народ Свой і з рабоў Сваіх умілажаліцца, калі Ён угледзіць, што рука іхняя аслабла, і не засталося ні заключаных, ні тых, што засталіся звонку. 
Тады скажа Гасподзь; дзе багі іхнія, цьвярдыня, на якую яны спадзяваліся, 
якія елі тлушч ад ахвяраў іхніх і пілі віно паліваньняў іхніх? няхай яны паўстануць і дапамогуць вам, няхай будуць ім покрывам! 
Бачыце сёньня, што гэта Я, Я - і няма Бога, апрача Мяне; Я ўсьмерчваю і ажыўляю, Я бэю і ацаляю, і ніхто ня выбавіць ад рукі Маёй. 
Я падымаю да нябёсаў руку Маю і кажу: Я жыву вечна! 
Калі навастру бліскучы Мой меч, і рука Мая прыме суд, дык адпомшчу ворагам Маім і ненавісьнікам Маім аддам; 
напаю стрэлы Маёю крывёю, і меч Мой насыціцца целам, крывёю забітых і палонных, галовамі правадыроў ворага. 
Радуйцеся, язычнікі, з народам Ягоным! бо Ён адпомсьціць за кроў рабоў Сваіх, і аддасьць помсту ворагам Сваім, і ачысьціць зямлю Сваю і народ Свой! 
І прыйшоў Майсей і прамовіў усе словы песьні гэтай у слых народу, ён і Ісус, сын Наваў. 
Калі Майсей прамовіў усе словы гэтыя ўсяму Ізраілю, 
тады сказаў ім: пакладзеце на сэрца ваша ўсе словы, якія я абвясьціў вам сёньня, і накажэце іх дзецям сваім, каб яны стараліся выконваць усе словы закона гэтага; 
бо гэта ня пустое для вас, а гэта жыцьцё вашае, і праз гэта вы доўгі час прабудзеце на той зямлі, у якую вы ідзяце церазь Ярдан, каб авалодаць ёю. 
І казаў Гасподзь Майсею ў той самы дзень і сказаў: 
узыдзі на гэтую гару Аварым, на гару Нэво, якая ў зямлі Маавіцкай, насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне сынам Ізраілевым; 
і памры на гары, на якую ты ўзыдзеш, і прыкладзіся да народу твайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Ор, і прыклаўся да народу свайго, 
за тое, што вы зграшылі супроць Мяне сярод сыноў Ізраілевых каля водаў Мэрывы ў Кадэсе, у пустыні Сін, за тое, што не паказалі сьвятасьці Маёй сярод сыноў Ізраілевых; 
перад сабою ты ўбачыш зямлю, а ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым. 
