﻿ІСУСА.
6.
Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных; 
ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён; 
і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы; 
калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку. 
І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім. 
І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім. 
Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі; 
а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы. 
А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: «выгукніце!» і тады гукнеце. 
Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары. 
Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга; 
і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы. 
Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён. 
На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў. 
Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад! 
А горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, - Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі; 
але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды; 
і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю. 
Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад. 
І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам. 
А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй. 
І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім. 
А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга. 
А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона. 
У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго. 
І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі. 
