﻿2 ЦАРСТВАЎ.
10.
Празь некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон. 
І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую. 
Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе? 
І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх. 
Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся. 
І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек. 
Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых. 
І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі. 
І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і сьпераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў; 
а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян. 
І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу; 
будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы. 
І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго. 
А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім. 
Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам. 
І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака, і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх. 
Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім. 
І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў сямсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і памёр. 
Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір зь Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам. 
