﻿2 ЦАРСТВАЎ.
22.
І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў: 
Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой. 
Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне! 
Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся. 
Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне; 
ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне. 
Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго. 
Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь. 
Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго. 
Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго; 
і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру; 
і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных; 
ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае. 
Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой; 
пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх. 
І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго. 
Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх; 
выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне. 
Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне 
і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне. 
Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне. 
Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім, 
бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў, 
і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне. 
І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго. 
Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры, 
з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай. 
Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых. 
Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю. 
З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну. 
Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго. 
Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага? 
Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях; 
робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне; 
вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук. 
Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне. 
Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае. 
Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх; 
і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае. 
Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне; 
Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх. 
Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх. 
Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх. 
Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне. 
Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне. 
Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх. 
Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго, 
Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы 
і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне. 
За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму, 
велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна! 
