﻿2 ЦАРСТВАЎ.
23.
Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага: 
Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне. 
Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым. 
І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі, 
ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё? 
А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою; 
а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы. 
Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз. 
Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны ганьбаваньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну; 
Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да меча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых. 
За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філістымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў, 
дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І даў тады Гасподзь вялікую перамогу. 
Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў. 
Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў - у Віфляеме. 
І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы? 
Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада, 
і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэта людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных! 
І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох. 
З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся. 
Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час; 
ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай: 
вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных; 
ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў. 
Асаіл, брат Ёава - у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема, 
Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін, 
Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін, 
Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін, 
Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін, 
Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Веньямінавых, 
Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша, 
Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін, 
Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна - Ёнатан, 
Шама Гарарыцянін; з сыноў Яшэна - Ёнатан, 
Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін, 
Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін, 
Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін, 
Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі, 
Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін, 
Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем. 
