﻿4 ЦАРСТВАЎ.
21.
Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба. 
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых. 
І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму, 
і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё. 
І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга. 
І правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго. 
І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек; 
і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей. 
Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых. 
І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў: 
за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі, 
за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якое калі хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго; 
і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе; 
і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім 
за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня. 
А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх - рабіць благое ў вачах Гасподніх. 
Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. 
І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго: 
дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы. 
І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; 
і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім, 
і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім. 
І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным. 
Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго. 
Астатняе пра Амона, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх. 
І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго. 
