﻿1 ЛЕТАПІСАЎ.
20.
Праз год, у час, калі цары выходзяць на вайну, вывеў Ёаў войска і пачаў пустошыць зямлю Аманіцянаў, і прыйшоў і аблажыў Раву. А Давід заставаўся ў Ерусаліме. Ёаў, заваяваўшы Раву, разбурыў яе. 
І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы яго, і ў ім аказалася вагі талант золата, і каштоўныя камяні былі на ім; і быў ён ускладзены на галаву Давіда. І здабычы вельмі многа вынес з горада. 
А люд, які быў у ім, вывеў і забіваў іх піламі, жалезнымі цапамі і сякерамі. Так зрабіў Давід з усімі гарадамі Аманіцянаў, і вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім. 
Пасьля таго пачалася вайна зь Філістымлянамі ў Газэры. Тады Савахай Хушацянін пабіў Сафа, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў. І яны ўпакорыліся. 
І зноў была вайна зь Філістымлянамі. Тады Элханам, сын Яіра, пабіў Лахмія, брата Галіяфавага, Гэцяніна, у якога дзяржальна дзіды было, як навой у ткачоў. 
Была яшчэ бітва ў Гэце. Там быў адзін рослы чалавек, у якога было па шэсьць пальцаў, усяго дваццаць чатыры. І ён таксама быў з нашчадкаў Рэфаімаў. 
Ён ганіў Ізраіля, але Ёнатан, сын Шымы, брата Давідавага, пабіў яго. 
Гэта былі народжаныя ад Рэфаімаў у Гэце, і загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слуг ягоных. 
