﻿2 ЛЕТАПІСАЎ.
11.
І прыбыў Раваам у Ерусалім і склікаў з дома Юдавага і Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць зь Ізраілем і вярнуць царства Равааму. 
І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана: 
скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму Ізраілю ў племі Юдавым і Веньямінавым: 
так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі; вяртайцеся кожны ў дом свой, бо Мною зроблена гэта. Яны паслухаліся слоў Гасподніх і вярнуліся з паходу супроць Ераваама. 
Раваам жыў у Ерусаліме; ён абнёс гарады ў Юдэі сьценамі. 
Ён умацаваў Віфляем і Этам і Тэкою, 
і Вэтцур, і Сахо і Адалам, 
і Гэт і Марэшу, і Зіф 
і Адараім, і Лахіс і Азэку, 
і Цору і Аялон і Хэўрон, якія былі ў племі Юдавым і Веньямінавым. 
І ўмацаваў ён крэпасьці гэтыя і паставіў у іх начальнікаў і сховішчы для хлеба і драўніннага алею і віна. 
І даў у кожны горад шчыты і дзіды і ўмацаваў іх вельмі добра. І заставаліся за ім Юда і Веньямін. 
І сьвятары і лявіты, якія былі па ўсёй замлі Ізраільскай, сабраліся да яго з усіх межаў, 
бо пакінулі лявіты свае гарадзкія прадмесьці і свае валоданьні і прыйшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, бо пакінуў іх Ераваам і сыны ягоныя ад сьвяшчэнства Гасподняга 
і паставіў у сябе жрацоў да вышыняў, і да казлоў і да цялят, якіх ён зрабіў. 
А за імі і з усіх плямёнаў Ізраілевых прыхільныя сэрцам сваім, каб ісьціць Госпада Бога Ізраілевага, прыходзілі ў Ерусалім, каб прыносіць ахвяры Госпаду Богу бацькоў сваіх. 
І ўмацавалі яны царства Юдава і падтрымлівалі Раваама, сына Саламонавага, тры гады, бо хадзілі шляхам Давіда і Саламона ў гэтыя тры гады. 
І ўзяў сабе Раваам за жонку Міхалату, дачку Ерымота, сына Давідавага, і Авіхаіль, дачку Эліява, сына Есэевага, 
і яна нарадзіла яму сыноў: Еўса і Шэмарыю і Загама. 
Пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Авэсаломавую, і яна нарадзіла яму Авію і Атая, і Зізу і Шэламіта. 
І кахаў Раам Мааху, дачку Авэсаломавую, больш за ўсіх жонак і наложніц сваіх, бо ён меў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніц і спарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дочак. 
І паставіў Раваам Авію, сына Маахі, узначальцам і князем над братамі ягонымі, бо хацеў паставіць яго царом. 
І дзейнічаў разумна і разаслаў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юды і Веньяміна ва ўсе ўмацаваныя гарады, і даў ім утрыманьне вялікае і прышукаў многа жонак. 
