﻿ЁВА.
3.
Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой. 
І пачаў Ёў і сказаў: 
хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек! 
Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло! 
Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі! 
Ноч тая, - хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў! 
О! ноч тая - хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць! 
Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана! 
Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц 
за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх! 
Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава? 
Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі? 
Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна 
з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні, 
ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам; 
ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі. 
Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя. 
Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка. 
Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго. 
Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою, 
якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб. 
Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу? 
Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам? 
Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада, 
бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне. 
Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце. 
