﻿ЁВА.
4.
І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў: 
калі паспрабуем мы сказаць табе слова, - ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова! 
Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў, 
таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў. 
А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам. 
Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім? 
Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б? 
Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго; 
ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць. 
Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца; 
магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца. 
І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго. 
Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей, 
агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае. 
І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне. 
Ён стаў, - але я не пазнаў твару ягонага, - толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, - і я чую голас: 
ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго? 
Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы: 
тым болей - у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль. 
З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім. 
Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці. 
