﻿ЁВА.
5.
Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты? 
Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць. 
Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны. 
Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка. 
Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную. 
Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда; 
а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору. 
Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу, 
Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя, 
дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў; 
прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне. 
Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага. 
Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай: 
удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы. 
Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага. 
І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае. 
Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй, 
бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць. 
У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха. 
У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча. 
Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе. 
Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся, 
бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою. 
І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш. 
І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі. 
Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам. 
Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе. 
