﻿ЁВА.
8.
І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў: 
ці доўга ты будзеш гаварыць так? - словы вуснаў тваіх бурны вецер! 
Няўжо Бог скажае суд, і Ўсеўладны ператварае праўду! 
Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга. 
Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму, 
і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй. 
І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа. 
Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх; 
а мы - учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі - цень. 
Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы: 
ці падымаецца трысьнёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады? 
Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае. 
Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне; 
спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная - дом павука. 
Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і не ўтрымаецца. 
Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае; 
у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца. 
Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе! 
Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя. 
Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў. 
Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам. 
Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане. 
