﻿ЁВА.
9.
І адказваў Ёў і сказаў: 
праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам? 
Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы. 
Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі? 
Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім; 
зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць: 
скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку. 
Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора; 
стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня; 
робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца! 
Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго. 
Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш? 
Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства. 
Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім? 
Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго. 
Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той, 
Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае, 
не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі. 
Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім? 
Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым. 
Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім. 
Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага. 
Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца. 
Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж? 
Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра, 
імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу. 
Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся», 
дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым. 
Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую? 
Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае, 
дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая. 
Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд! 
Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас. 
Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, - 
і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе. 
