﻿ЁВА.
11.
І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў: 
хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю? 
Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе? 
Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх. 
Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе 
і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю. 
Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага? 
Ён вышэйшы за нябёсы, - што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, - што можаш даведацца? 
Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора. 
Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго? 
Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі? 
Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці. 
Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае, 
і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх, 
дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца. 
Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго. 
І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца. 
І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы. 
Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе. 
І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне. 
