﻿ЁВА.
13.
Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе. 
Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас. 
Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам. 
А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары. 
О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць. 
Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх. 
Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману? 
Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца? 
Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека? 
Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце. 
Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас? 
Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя - апоры гліняныя. 
Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне. 
Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю? 
Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным! 
І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае! 
Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі. 
Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая. 
Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух. 
Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго: 
адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне. 
Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне. 
Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой. 
Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім? 
Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш? 
Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй, 
і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, - гонішся па сьлядах ног маіх. 
А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю. 
