﻿ЁВА.
14.
Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі: 
нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і ня спыняецца. 
І якраз на яго ты падымаеш вочы Твае, і мяне вядзеш на суд з Табою? 
Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто. 
Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе, 
дык ухіліся ад яго: няхай ён адпачне, пакуль не закончыць, як найміт, дня свайго. 
У дрэва ёсьць надзея, што яно, калі і будзе сьсечана, зноў ажыве, і парасткі ад яго выходзіць не перастануць: 
калі і састарэў у зямлі корань ягоны, і пень ягоны замёр у пыле, 
але, як толькі пачула ваду, яно дае парасткі і пускае вецьце, як бы нанава пасаджанае. 
А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён? 
Сыходзяць воды з возера, і рака выцякае і высыхае: 
так чалавек ляжа і ня ўстане; да сканчэньня неба ён не прачнецца і не паўстане са сну свайго. 
О, калі б Ты ў апраметнай схаваў мяне і хаваў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой, паклаў мне тэрмін і потым згадаў пра мяне! 
Калі памрэ чалавек, дык ці будзе ён зноў жыць? Ва ўсе дні вызначанага мне часу я чакаў бы, пакуль прыйдзе мне зьмена. 
Паклікаў бы Ты, і Я даў бы Табе адказ, і Ты выказаў бы ўпадабаньне да твору рук Тваіх; 
бо тады Ты пералічыў бы крокі мае і не сачыў бы за грэхам маім; 
у зьвітку было б пазначана беззаконьне маё, і Ты закрыў бы віну маю. 
Але гара, падаючы, разбураецца, і скала сыходзіць зь месца свайго; 
вада сьцірае камяні; разліў яе змывае зямны пыл: так і надзею чалавека Ты зьнішчаеш. 
Адціскаеш яго да канца, і ён сыходзіць; мяняеш яму твар і адсылаеш яго. 
Ці ў гонары дзеці ягоныя - ён ня ведае, ці прыніжаныя - ён не заўважае; 
але плоць ягоная на ім баліць, і душа ягоная ў ім пакутуе. 
