﻿ЁВА.
15.
І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў: 
ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым, 
апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы? 
Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога. 
Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных. 
Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе. 
Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны? 
Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць? 
Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас? 
І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго. 
Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе? 
Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш? 
Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы? 
Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны? 
Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго: 
тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду. 
Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў, 
што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх, 
якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў. 
Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка: 
гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік, 
Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч. 
Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры. 
Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы, 
за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму, 
памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі; 
бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае. 
І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне. 
Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны. 
Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго. 
Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму. 
Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець. 
Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой. 
Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства. 
Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман. 
