﻿ЁВА.
16.
І адказваў Ёў і сказаў: 
Чуў я шмат такога; нікчэмныя суцешнікі ўсе вы! 
Ці будзе канец ветраным словам? і што схіліла цябе так адказваць? 
І я мог бы гэтак сама сказаць, як вы, калі б душа вашая была на месцы маёй; узбурваўся б на вас словамі і ківаў бы на вас галавою маёю; 
мацаваў бы вас языком маім і рухам губоў суцяшаў бы. 
Ці кажу я, не спатольваецца скруха мая; ці перастаю, што адыходзіць ад мяне? 
Але сёньня Ён стаміў мяне. Ты разбурыў усю сямэю маю, 
Ты пакрыў мяне маршчынамі ў сьведчаньне супроць мяне; паўстае на мяне зморанасьць мая, у твар дакарае мяне. 
Гнеў Ягоны турзае і варагуе супроць мяне, скрыгоча на мяне зубамі сваімі; непрыяцель мой вострыць на мяне вочы свае. 
Разьзявілі на мяне пашчу сваю; лаючыся б'юць мяне па шчоках; усе змовіліся супроць мяне. 
Аддаў мяне Бог беззаконьніку і ў рукі бязбожных кінуў мяне. 
Я быў спакойны, але Ён патрэс мяне; узяў мяне за шыю і пабіў мяне і паставіў мяне конам Сабе. 
Абступілі мяне стралкі Ягоныя; Ён расьсякае вантробы мае і ня літуе, выліў на зямлю жоўць маю, 
прабівае ўва мне праломіну за праломінай, бяжыць на мяне, як воін. 
Вярэту пашыў я на скуру маю і ў пыл паклаў галаву маю. 
Твар мой пачырванеў ад плачу, і на павеках маіх цень сьмерці, 
пры ўсім тым, што няма рабунку на руках маіх, і малітва мая чыстая. 
Зямля! не закрый маёй крыві, і хай ня будзе месца енку майму. 
І сёньня вось на нябёсах Сьведка мой, і Заступнік мой у вышынях! 
Красамоўныя сябры мае! Да Бога сьлёзіцца вока маё. 
О, калі б чалавек мог спаборнічаць з Богам, як сын чалавечы з блізкім сваім! 
Бо гадам маім прыходзіць канец, і я адыходжу ў дарогу незваротную. 
