﻿ЁВА.
17.
Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною. 
Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае. 
Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне? 
Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім. 
Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць. 
Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго. 
Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень. 
Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка. 
Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца. 
Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас. 
Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя. 
А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры. 
Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю; 
магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая. 
Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць? 
У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле. 
