﻿ЁВА.
18.
І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў: 
калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць. 
Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых? 
О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго? 
Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага. 
Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім. 
Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны, 
бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе. 
Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго. 
Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе. 
З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды. 
Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго. 
Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці. 
Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў. 
Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю. 
Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя. 
Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы. 
Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі. 
Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных. 
Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем. 
Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога. 
