﻿ЁВА.
21.
І адказваў Ёў і сказаў: 
выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас. 
Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся. 
Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць? 
Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны. 
Як толькі я згадаю, - уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё. 
Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя? 
Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх. 
Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх. 
Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае. 
Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць. 
Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку; 
бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную. 
А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх! 
што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго? 
Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. - Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне! 
Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім? 
Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура. 
Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. - Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў. 
Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п'е ад гневу Ўсеўладнага. 
Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца? 
Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх? 
Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны; 
нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам. 
А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра. 
І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх. 
Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце. 
Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя? 
Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі, 
што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок? 
Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў? 
Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту. 
Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма. 
Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана. 
