﻿ЁВА.
22.
І адказваў Таманіцянін і сказаў: 
хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому. 
Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці? 
Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою? 
Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю. 
Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку. 
Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба; 
а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй. 
Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі. 
За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах, 
альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе. 
Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока! 
І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру? 
Хмары - заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле. 
Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя, 
якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю? 
Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны? 
А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне! 
Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго: 
вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь. 
Зблізіся ж зь Ім - і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро. 
Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё. 
Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго 
і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў - золата Афірскае. 
І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе, 
бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё. 
Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае. 
Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло. 
Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам, 
выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх. 
