﻿ЁВА.
23.
І адказваў Ёў і сказаў: 
яшчэ і цяпер горкае слова маё: пакуты мае цяжэйшыя за стогны мае. 
О, калі б я ведаў, дзе знайсьці Яго, і мог падысьці да трона Ягонага! 
Я выклаў бы прад Ім усё маё і вусны мае напоўніў бы апраўданьнямі; 
уведаў бы словы, якімі Ён адкажа мне, і зразумеў бы, што Ён скажа мне. 
Няўжо Ён у поўнай магутнасьці пачаў бы спаборнічаць са мною? О, не! Няхай бы толькі даў увагі мне. 
Тады праведнік мог бы спаборнічаць зь Ім, - і я назаўсёды атрымаў бы свабоду ад Судзьдзі майго. 
Але вось, я іду наперад - і няма Яго, назад - і не знаходжу Яго; 
ці робіць Ён што зь левага боку, я ня бачу; ці хаваецца з правага, не разгледжу. 
Але Ён ведае шлях мой; няхай выпрабуе мяне, - выйду, як золата. 
Нага мая цьвёрда трымаецца сьцежкі Ягонай; шляхі Ягоныя я захоўваў і ня ўхіляўся зь іх. 
Ад наказаў вуснаў Ягоных не адступаўся; словы вуснаў Ягоных захоўваў болей, чым мае правілы. 
Але Ён цьвёрды; і хто ўхіліць Яго? Ён робіць, чаго хоча душа Ягоная. 
Так, Ён выканаў тое, што належала мне, і падобнага на гэта многа ў Яго. 
Таму я дрыжу прад абліччам Ягоным; разважаю - і баюся Яго. 
Бог расслабіў сэрца маё, і Ўсеўладны напалохаў мяне. 
Чаму я ня зьнішчаны раней за гэтую цемру, і Ён не схаваў мораку ад твару майго! 
