﻿ЁВА.
24.
Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных? 
Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе; 
у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала; 
бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца. 
Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім; 
жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка; 
голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы; 
мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы; 
адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад; 
прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі; 
паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць. 
У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага. 
Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных. 
На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем. 
І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, - і захінае твар. 
У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла. 
Бо ім раніца - сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю. 
Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных. 
Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная - грэшнікаў. 
Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік, 
які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра. 
Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё. 
А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія. 
Падняліся высока, - і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца. 
Калі гэта ня так, - хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае? 
