﻿ЁВА.
28.
Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць. 
Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь. 
Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным. 
Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей. 
Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём. 
Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата. 
Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна; 
не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал. 
На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы; 
у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае; 
спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло. 
Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму? 
Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых. 
Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне. 
Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра. 
Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам; 
не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата. 
А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны. 
Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна. 
Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму? 
Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена. 
Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе. 
Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе. 
Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам. 
Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры, 
калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай, 
тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе 
і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум. 
