﻿ЁВА.
29.
І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў: 
о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне, 
калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры; 
як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім, 
калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне, 
калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею! 
Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё, 
хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі; 
князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае; 
голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга. 
Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне, 
бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага. 
Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць. 
Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан. 
Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму; 
бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва. 
Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае. 
І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску; 
корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім; 
слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй. 
Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй. 
Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх. 
Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае. 
Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі. 
Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых. 
