﻿ЁВА.
30.
А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх. 
І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час. 
Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы; 
скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя - хлеб іхні. 
З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў, 
каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў. 
Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем. 
Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі! 
Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі. 
Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім. 
Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім. 
З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне. 
А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка. 
Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне. 
Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака. 
І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне. 
Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне. 
Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне. 
Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел. 
Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, - стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне. 
Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне. 
Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне. 
Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць. 
Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні? 
Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных? 
Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра. 
Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку. 
Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу. 
Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам. 
Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі. 
І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая - голасам сьлёзным. 
