﻿ЁВА.
32.
Калі тыя трое мужоў перасталі адказваць Ёву, бо ён быў слушны ў вачах сваіх, 
тады загарэўся гнеў Эліуя, сына Варахіілавага, Вузіцяніна з племя Рамавага: загарэўся гнеў ягоны на Ёва за тое, што ён апраўдваў сябе больш, чым Бога, 
а на трох сяброў ягоных загарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі што адказаць, а тым часам вінавацілі Ёва. 
Эліуй чакаў, пакуль Ёў гаварыў, бо яны гадамі былі старэйшыя за яго. 
Калі ж Эліуй убачыў, што няма адказу ў вуснах тых трох мужоў, тады загарэўся гнеў ягоны. 
І адказваў Эліуй, сын Варахіілаў, Вузіцянін, і сказаў: я малады гадамі, а вы - старцы; таму я нясьмеліўся і баяўся казаць вам, што думаю. 
Я гаварыў сам сабе: няхай гавораць дні, і мнагалецьце навучае мудрасьці. 
Але дух у чалавеку і дыханьне Ўсеўладнага дае яму разуменьне. 
Не шматгадовыя толькі мудрыя, і не старыя разумеюць праўду. 
Таму я кажу: выслухайце мяне, абвяшчу вам сваю думку і я. 
Вось, я чакаў слоў вашых, услухоўваўся ў меркаваньні вашыя, пакуль вы прыдумлялі, што сказаць. 
Я пільна глядзеў на вас, ніхто з вас не выкрывае Ёва і не адказвае на словы яго. 
Ня скажэце: мы знайшлі мудрасьць: Бог абвергне яго, а не чалавек. 
Калі б ён зьвяртаў словы да мяне, дык я ня вашымі словамі адказваў бы яму. 
Спалохаліся, не адказваюць болей: перасталі гаварыць. 
І як я чакаў, а яны ня кажуць, спыніліся і не адказваюць болей, 
дык і я адкажу ад сябе, абвяшчу сваю думку і я. 
Бо я поўны словамі, і дух ува мне цісьне мяне. 
Вось, нутрына мая, як віно неадчыненае: яна гатовая прарвацца, нібы новыя мяхі. 
Пагавару, і палегчае мне; адкрыю вусны мае і адкажу. 
На твар чалавека глядзець ня буду і ніякаму чалавеку лісьлівіць ня буду, 
бо я ня ўмею лісьлівіць: цяпер забі мяне, Творца мой. 
