﻿ЁВА.
33.
Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім. 
Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй. 
Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае. 
Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё. 
Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною. 
Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі; 
таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе. 
Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў: 
«чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды; 
а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам; 
закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі». 
Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека. 
Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае. 
Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз: 
у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку. 
Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне, 
каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху, 
каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам. 
Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, - 
і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы. 
Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць. 
І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае - да сьмерці. 
Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, - 
Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне. 
Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй. 
Будзе маліцца Богу, і Ён - літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную. 
Ён будзе глядзець на людзей і казаць: «грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне; 
Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло». 
Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам, 
каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых. 
Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць. 
Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня; 
а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці. 
