﻿ЁВА.
36.
І гаварыў далей Эліуй і сказаў: 
пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога. 
Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму, 
бо словы мае сапраўды не мана: перад табою - дасканалы ў пазнаньні. 
Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца; 
Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным; 
Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца. 
Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты, 
дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся, 
і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці. 
Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці; 
калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве. 
А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы; 
таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі. 
Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму. 
І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам; 
але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда - блізкія. 
Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе. 
Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, - ні золату і ніякаму скарбу. 
Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім. 
Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю. 
Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік? 
Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва? 
Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць. 
Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк. 
Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны. 
Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом: 
з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей. 
Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага? 
Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора. 
Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы. 
Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць. 
Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца. 
