﻿ЁВА.
39.
Ці ведаеш ты час, калі нараджаюць дзікія козы на скалах, і ці заўважаў роды казуль? 
Ці можаш разьлічыць месяцы цяжарнасьці іхняй? і ці ведаеш час родаў іхніх? 
Яны згінаюцца, нараджаючы дзяцей сваіх, выкідваючы свае ношы; 
дзеці іхнія ўбіраюцца ў сілу, растуць на полі, сыходзяць і не вяртаюцца да іх. 
Хто пусьціў дзікага асла на волю, і хто разьвязаў повязі кулану, 
якому стэп Я прызначыў домам і саланчакі - жытлішчам? 
Ён сьмяецца з гарадскога шматлюдства і ня чуе крыкаў паганятага, 
па горах шукае ежы сабе і ганяецца за ўсякаю зелянінаю. 
Ці захоча аднарог служыць табе і ці заначуе каля ясьляў тваіх? 
Ці можаш вяроўкаю прывязаць аднарога да баразны, і ці будзе ён за табою баранаваць тваё поле? 
Ці паспадзяваешся на яго, таму што ў яго вялікая сіла, і ці дасі яму працу тваю? 
Ці паверыш яму, што ён насеньне тваё верне і складзе на гумно тваё? 
Ці ты даў прыгожыя крылы паве і перэе і пух страўсу? 
Ён пакідае яйкі свае на зямлі і на пяску грэе іх, 
і забывае, што нага можа раздушыць іх і польны зьвер можа растаптаць іх; 
ён жорсткі да дзяцей сваіх, як бы не да сваіх, і не баіцца, што праца ягоная будзе марная, 
таму што Бог ня даў яму мудрасьці і не ўдзяліў яму глузду; 
а калі падымаецца на вышыню, сьмяецца з каня і вершніка ягонага. 
Ці ты даў каню сілу і апрануў шыю ягоную ў грыву? 
Ці можаш ты спалохаць яго, як саранчу? Храп ноздраў ягоных - жудасьць; 
капае нагамі зямлю і захапляецца сілаю; ідзе насустрач зброі; 
ён сьмяецца зь небясьпекі і не палохаецца і не адварочваецца ад меча; 
калчан гучыць над ім, бліскае капэё і дзіда; 
у парыве і лютасьці ён глытае зямлю і ня можа стаяць пры гуку трубы; 
пры трубным гуку ён падае голас: гу! гу! і здалёк чуе бітву, зычныя галасы правадыроў і крык. 
Ці тваёю мудрасьцю лётае каршук і кіруе крылы свае на поўдзень? 
Ці па тваім слове ўзносіцца арол і кладзе на вышыні гняздо сваё? 
Ён жыве на скале і начуе на зубцы ўцёсаў і на месцах недаступных; 
адтуль выглядвае сабе ежу: вочы яго глядзяць далёка; 
птушаняты ягоныя пэюць кроў, і дзе труп, там і ён. 
І гаварыў Гасподзь далей і сказаў Ёву: 
ці будзе спаборнік з Усеўладным яшчэ вучыць? Выкрывальнік Бога хай адказвае Яму. 
І адказваў Ёў Госпаду, і сказаў: 
вось, я нікчэмны; што буду я адказваць Табе? Руку маю кладу на вусны мае. 
Аднойчы я казаў, - цяпер адказваць ня буду, нават двойчы, але болей ня буду. 
