﻿ЁВА.
40.
І адказваў Гасподзь Ёву з буры і сказаў: 
аперажы, як мужчына, сьцёгны свае: Я буду пытацца ў цябе, а ты адказвай Мне. 
Ты хочаш скінуць суд Мой, зьвінаваціць Мяне, каб апраўдацца? 
Ці такая ў цябе сіла, як у Бога? І ці можаш загрымець голасам, як Ён? 
Упрыгож сябе велічнасьцю і славаю, апраніся ў бляск і велікапышнасьць; 
вылі лютасьць гневу твайго, паглядзі на ўсё ганарлівае і ўпакоры яго; 
зірні на ўсіх напышлівых і прынізі іх, і зьнішчы бязбожных на месцах іхніх; 
закапай іх усіх у зямлю і твары іхнія накрый цемраю. 
Тады і Я прызнаю, што правіца твая можа цябе ратаваць. 
Вось бегемот, якога Я стварыў, як і цябе; ён есьць траву, як вол; 
вось, яго сіла ў сьцёгнах ягоных і моц ягоная ў мускулах чэрава ягонага; 
паварочвае хвастом сваім, як кедрам; а жылы на клубах яго пераплеценыя; 
ногі ў яго, як медныя трубы; косткі ў яго, як жалезныя пруткі; 
гэта - верх шляхоў Божых: толькі Творца яго можа наблізіць да яго меч Свой; 
горы прыносяць яму ежу, і там усе зьвяры польныя гуляюць; 
ён кладзецца пад зацішнымі дрэвамі, пад дахам трысьнягу і ў балотах; 
зацішныя дрэвы пакрываюць яго сваім ценем; вербы каля ручаёў абступаюць яго; 
вось, ён п'е з рукі і не сьпяшаецца; застаецца спакойны, хоць бы Ярдан памкнуўся да вуснаў ягоных. 
Ці возьме хто яго ў вачах ягоных і ці праколе яму нос бусаком? 
Ці можаш ты вудаю выцягнуць левіятана і вяроўкаю схапіць за язык ягоны? 
ці ўкладзеш колца ў ноздры яго? ці праколеш іголкаю сківіцу ягоную? 
ці будзе ён доўга ўпрошваць цябе і ці будзе гаварыць з табою коратка? 
ці зробіць ён дагавор з табою, і ці возьмеш яго сабе назаўсёды ў рабы? 
ці будзеш бавіцца ім, як птушкаю, і ці зьвяжаш яго як дзяўчатак тваіх? 
ці будуць прадаваць яго таварышы па лоўлі, ці падзеляць яго паміж Хананэйскімі купцамі? 
ці можаш прапароць скуру яго дзідаю і галаву ягоную рыбацкаю астрогаю? 
Кладзі на яго руку тваю і памятай пра барацьбу; больш ня будзеш. 
