﻿ЁВА.
41.
Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага? 
Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам? 
Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё. 
Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх. 
Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных? 
Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных - жудасьць; 
моцныя шчыты яго - цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю; 
адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі; 
адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца. 
Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары; 
з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры; 
з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла. 
Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя. 
На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах. 
Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца. 
Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон. 
Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху. 
Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні капэё, ні дзіда, ні латы. 
Жалеза ён мае за салому, медзь - за гнілое дрэва. 
Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі. 
Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца. 
Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі. 
Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь; 
пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай. 
Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным; 
на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці. 
