﻿ПСАЛТЫР.
5.
Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава. 
Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы. 
Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе. 
Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, - раніцай стану прад Табою і буду чакаць. 
Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца; 
бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў. 
Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае. 
А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна. 
Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю. 
Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе - згубнасьць, горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім. 
Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе. 
А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё. 
Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго. 
