﻿ПСАЛТЫР.
7.
Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага. 
Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне; 
хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма. 
Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх, 
калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, - а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам, 
дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто. 
Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў, 
сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні. 
Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй. 
Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа! 
Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе. 
Бог - судзьдзя справядлівы і Бог - кожны дзень спаганяе сурова, 
калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго; 
рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае. 
Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў, 
капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў: 
абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе. 
Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга. 
