﻿ПСАЛТЫР.
9.
Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава. 
Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае, 
я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні. 
Як павернуць назад мае ворагі, - спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім, 
бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы. 
Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна. 
У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх. 
А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў, 
і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць. 
І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час; 
І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе. 
Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя, 
бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных. 
Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, - Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці, 
каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою. 
Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае. 
Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх. 
Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, - усе народы, што забываюць Бога, 
бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне. 
Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім. 
Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны. 
Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі? 
Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі. 
Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае. 
Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога! 
У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва; 
і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха». 
Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба. 
Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным; 
у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае, 
згінаецца, прыпадае, - і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя; 
кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі». 
Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных. 
Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?» 
Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік. 
Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху. 
Гасподзь - цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай. 
Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё, 
каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі. 
