﻿ПСАЛТЫР.
10.
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На Госпада спадзяюся; як жа вы кажаце душы маёй: «Як птушка ўзьляці на гару вашу»? 
Бо вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам. 
Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік? 
Гасподзь у сьвятым Сваім храме, Гасподзь - трон Ягоны на нябёсах, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых. 
Гасподзь выпрабоўвае праведніка; а бязбожніка і ліхадзея ненавідзіць душа Ягоная. 
Дажджом вылье Ён на бязбожных жар, вагонь і серку; і палючы вецер - доля іхняй чары; 
бо Гасподзь справядлівы, - любіць праўду; аблічча Ягонае бачыць праведніка. 
