﻿ПСАЛТЫР.
11.
Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава. 
Ратуй, Госпадзе; бо няма пабожнага, бо няма верных сярод сыноў чалавечых. 
Кожны хлусіць блізкаму свайму; вусны лісьлівыя ад няшчырага сэрца гавораць. 
Зьнішчыць Гасподзь усе вусны лісьлівыя, язык велягурысты, 
тых, што кажуць: «языком нашым адужаем; вусны нашыя з намі; хто нам гаспадар?» 
Дзеля пакутаў убогіх і стогнаў гаротнікаў сёньня паўстану, кажа Гасподзь, і дам бясьпеку таму, каго хочуць злавіць. 
Словы Гасподнія - словы чыстыя, срэбра, ачышчанае ад зямлі ў горане, сем разоў ператопленае. 
Ты, Госпадзе, захаваеш іх, аслоніш навекі ад гэтага роду. 
Усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася. 
