﻿ПСАЛТЫР.
16.
Малітва Давідава. Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых! 
Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць. 
Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае. 
У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка. 
Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца. 
Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае. 
Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй; 
ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне 
ад бязбожных, што на мяне нападаюць, - ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне: 
яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі. 
На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю; 
яны падобныя на ільва, што прагне здабычы, падобныя на ільвяня, што сядзіць у схованцы. 
Паўстань, Госпадзе, папярэдзь іх, скінь іх. Выбаві душу маю ад бязбожнага мечам Тваім, 
ад людзей - рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей сьвету, чыя доля, у гэтым жыцьці, чыё чэрава Ты напаўняеш са скарбонак Тваіх; сыны іхнія сытыя, і рэшту пакінуць дзецям сваім. 
А я ў праўдзе буду глядзець на аблічча Тваё; прачнуўшыся, буду насычацца вобразам Тваім. 
