﻿ПСАЛТЫР.
17.
Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў: 
палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая! 
Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой. 
Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся. 
Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне; 
ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне. 
У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага. 
Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог; 
падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго. 
Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго. 
І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру. 
І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных. 
Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае. 
І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле. 
Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх. 
І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго. 
Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў, 
уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне. 
Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю. 
Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне. 
Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне; 
бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім; 
бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся. 
Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць, 
і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі. 
Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры, 
з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай. 
Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш. 
Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю. 
З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур. 
Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца. 
Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага? 
Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях, 
робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне; 
вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны. 
Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне. 
Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае. 
Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх; 
пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае, 
бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі; 
ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне: 
яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх; 
я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх. 
Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне; 
па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною. 
Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх. 
Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго. 
Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы, 
і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў. 
За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму; 
таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна. 
